Светлай памяці Максіма Багдановіча прысвячаецца…

09.12.2021
Максіма Багдановіча называюць песняром красы і гармоніі. Вялікая любоў жыве ў народзе да яго паэзіі, да яго самога – чалавека таленавітага і самаадданага. Кожнае пакаленне зноў і зноў адкрывае для сябе веліч асобы паэта і незвычайнае хараство яго лірыкі. Максім Багдановіч – гонар і слава беларускай літаратуры, адзін з самых знакамітых і любімых паэтаў людзей розных пакаленняў.

Творчасць славутага майстра – гэта свет прыгажосці, гармоніі, асэнсавання жыцця. Ён вядомы як паэт-наватар, празаік, цудоўны перакладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст. Знаёмства з творчасцю Максіма Багдановіча пачынаецца ў раннім дзяцінстве з чытання яго казкі “Мушка-зелянушка і камарык –насаты тварык” і ідзе па жыцці з людзьмі, якія цікавяцца набыткамі нацыянальнай культуры, шэдэўрамі мастацкага слова.

9 снежня ў актавай зале школы адбылося святочнае мерапрыемства, прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння славутага паэта “Светлай памяці Максіма Багдановіча прысвячаецца…”

Да мерапрыемства былі праведзены конкурс малюнкаў і газет “У вянок Максіму”, конкурс падзелак “Наш родны, забыты ў цяні васілёк”. Лепшыя работы былі прадстаўлены на выставе.

У рамках літаратурна-музычнай кампазіцыі вучні школы прыгадалі падзеі з жыцця М.Багдановіча - такога кароткага, такога трагічнага. Са сцэны прагучалі вершы паэта ў выкананні лепшых чытальнікаў школы. Падчас  мерапрыемства гучалі песні беларускіх кампазітараў на вершы паэта-юбіляра.

Урачыстае мерапрыемства ўзрушыла, усхвалявала як вучняў, так і настаўнікаў, якія прымалі ў ім удзел.

Кароткі быў жыццёвы шлях паэта, яшчэ карацейшы – творчы…Але дзякуючы сваёй геніяльнай адоранасці, Максім Багдановіч здолеў ажыццявіць свой велічны творчы подзвіг – стаць зоркай першай велічыні ў беларускай культуры.

 

Аксана Валянцінаўна Двужыльная,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

поделиться в: