Паэтычны калейдаскоп

14.10.2021
14 кастрычніка 2021 года ў ДУА “Сярэдняя школа №11г. Магілёва” адбылася віктарына “Паэтычны калейдаскоп”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта і грамадскага дзеяча Ніла Гілевіча

Ніл Сымонавіч Гілевіч – народны паэт Беларусі, лаўрэат многіх прэмій. Паэт-лірык, сатырык, пісьменнік, публіцыст, драматург, палымяны прамоўца, грамадскі дзеяч, асветнік, вучоны, фалькларыст, даследчык, перакладчык – усё гэта змяшчалася ў адным чалавеку. Жыццё грамадзяніна Беларусі павінна пастаянна ўзбагачацца набыткамі роднай культуры, бо толькі тады ён будзе адчуваць сябе гаспадаром сваёй краіны. А кнігі Ніла Гілевіча могуць столькі даць для выхавання вучняў, колькі не дадуць ніякія заклікі.

На віктарыне, якая прайшла ў цёплай і творчай атмасферы, прысутнічалі вучні 7–х класаў. У час мерапрыемства ўдзельнікі пазнаёміліся з цікавымі фактамі біяграфіі і творчай спадчыны славутага беларускага паэта.

Падчас правядзення літаратурнай віктарыны “Паэтычны калейдаскоп” вучні адказвалі на пытанні, карыстаючыся матэрыяламі кніжнай выставы, бо трэба было свой адказ пацвердзіць урыўкам з той кнігі, пра якую ішла гаворка. Віктарына садзейнічала пашырэнню кругагляду вучняў, развіццю памяці і мыслення, творчасці і кемлівасці. Дзеці былі актыўнымі ўдзельнікамі конкурсаў “Бібліяграфічны”, “Адгадай, які гэта твор”, “ Адкуль гэтыя словы?”. Музычная паўза перад падвядзеннем вынікаў віктарыны прайшла пад песню на словы Н.Гілевіча “Вы шуміце, бярозы…”. А ў канцы мерапремства ўсім удзельнікам была прапанавана крыжаванка пра жыццёвы шлях паэта.

На фотаздымку вядучыя мерапрыемства, якія прадставілі рэкламу твораў Н.Гілевіча з кніжнай выставы.

 

Заморына Ганна Іванаўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

ДУА “Сярэдняя школа №11

г. Магілёва”

поделиться в: