Тыдзень роднай мовы

07.03.2022
Каб адкрыць для сябе штосьці новае, невядомае, зусім не абавязкова ехаць ў далёкае замежжа. У Беларусі таксама ёсць нямала экзатычных культурна-гістарычны куткоў, знаёмства з якімі значна пашырыць веданне роднай гісторыі, яе культуры, а таксама прынясе шмат незабыўных уражанняў.

У гэтым упэўніліся вучні 9-х класаў, якія 22.02.2022 г. здзейснілі завочную  вандроўку па родным краі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы!”. Мерапрыемства было распачата радкамі з верша

У. Караткевіча:

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро…

Дзевяцікласнікі не толькі вандравалі па Беларусі, слухалі вершы і песні пра нашу краіну,  нагадвалі вядомыя мясціны роднага краю, успаміналі гістарычныя падзеі нашай Бацькаўшчыны,  але і  адкрывалі для сябе новыя веды.

Вандроўка па родным краі дала магчымасць кожнаму вучню – і падарожніку, і экскурсаводу – адчуць гонар за сваю краіну і свой народ: 

Радзіма наша — Беларусь,

І, колькі ні шукай,

Не знойдзеш ты на ўсёй зямлі

Мілей, чым гэты край.

Таму ў жыцці не трэба быць

Няшчырым, сквапным, злым.

Не забывай: ты – беларус!

І заставайся ім!

 

24 лютага 2022 г. паміж вучнямі 7-х класаў праводзіўся лінгвістычны турнір “Знаўцы мовы беларускай”. Кожны ўдзельнік атрымаў шыфроўку, разгадаўшы якую, вучні падзяліліся на тры каманды: “Дзяркач” і “Вясёлка” і “Зорка”. Далей дзеці выконвалі розныя заданні, якія адлюстроўвалі іх веды па раздзеле “Лексіка”. Асабліва спадабаліся конкурсы “Інтэлектуальная азбука”, “Тлумачальнік”, “Назаві адным словам”. Таксама было шмат загадак, прыказак і рэбусаў. Каманды працавалі дружна і актыўна. Са значным адрывам у ліку перамагла камада “Дзяркач”. Яе ўдзельнікі паказалі сябе сапраўднымі знаўцамі роднай беларускай мовы.

Любіце, ведайце і шануйце мову свайго народа і ўмейце дасканала валодаць ëю!

 

Чарговае мерапрыемства Тыдня роднай мовы 22 лютага было прысвечана беларускім пісьменнікам-юбілярам 2022 года. Віктарына была праведзена 9-класнікамі для маленькіх аматараў чытання па-беларуску.

Малодшыя школьнікі пазнавалі пісьменнікаў па партрэтах, суадносілі псеўданімы з фотаздымкамі мастакоў слова, вызначалі па цытатах творы і аўтараў, узгадвалі творы па ілюстрацыях. Мерапрыемства спрыяла паглыбленню ведаў пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў, а таксама выклікала цікавасць да мастацкага слова.