Жывая стыхія творчасці

27.10.2022
7 кастрычніка 2022 года споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага празаіка Івана Мікалаевіча Пташнікава (1932-2016). Менавіта гэтай юбілейнай даце была прысвечана літаратурная гасцёўня “Жывая стыхія творчасці”, што адбылася ў нашай школе 27.10.2022 г.

Яе ўдзельнікамі сталі вучні 8 “А” і 8 “Б” класаў, якія адкрылі для сябе дзіўны свет прозы Івана Пташнікава яшчэ ў 6 класе на старонках апавядання “Алені”.

Дзеці даведаліся, што аўтар раманаў, зборнікаў аповесцей і апавяданняў І.Пташнікаў быў сапраўдным патрыётам роднай зямлі, меў прыхільнасць да вясковай тэматыкі, ведаў паўсядзённы побыт, звычаі, псіхалогію вяскоўцаў, валодаў здольнасцю грунтоўна і ўсебакова паказаць праўду рэальных абставін.

Вядучыя гасцёўні расказалі ўдзельнікам пра тое, што ваенная тэма займае ў яго творчасці асаблівае месца. Трагедыі спаленых разам з людзьмі вёсак, такіх як Дальва (аповесць «Тартак», 1968), гераічная барацьба партызан з фашыстамі (аповесць «Найдорф», 1976), іншых твораў сведчаць пра тое, што вайна пакінула ў душы пісьменніка незагойную рану.

Васьмікласнікам былі прадэманстраваны кадры з тэлефільма “Тартак”, пастаўленага на беларускім тэлебачанні ў 1974 г. (сцэнарый аўтара), якія нікога з удзельнікаў гасцёўні не пакінулі абыякавымі.

Вядучыя гасцёўні зацікавілі  васьмікласнікаў паведамленнямі пра кароткія і буйныя творы І. Пташнікава пра Вялікую Айчынную вайну, у якіх жыве і будзе жыць высакародны подзвіг простага чалавека, яго маральная вартасць. Творчасць пісьменніка атрымала высокія ацэнкі ад ўдзельнікаў мерапрыемства: “важна”, “праўдзіва”, “актуальна”, “выдатна”, ...

Далучайцеся і Вы да дзіўнага свету кніг лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа Івана Мікалаевіча Пташнікава!

Ганна Іванаўна Заморына,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

поделиться в: