Экскурсія ў горад Мінск
10.11.2022Літаратурны музей Максіма Багдановіча – гэта адзін з самых прыгожых музеяў нашай краіны. Ён размешчаны ў двухпавярховым будынку ў Троіцкім прадмесці, недалёка ад месца , дзе нарадзіўся паэт. У доме, які пазбаўлены мемарыяльнасці, з дапамогай экспанатаў і мастацкіх прыёмаў, утвораны непаўторны паэтычны свет паэта і яго жыццёвы шлях.
Невялікі мост з Троіцкага прадмесця вядзе на “Востраў Мужнасці і Скрухі”, да мемарыялу, прысвечанаму воінам-інтэрнацыяналістам, якія загінулі ў Афганістане ў 1979-1989 гг. Каля ўваходу – тэкст, які раскрывае прызначэнне мемарыялу: “Сынам, якія загінулі ў Афганістане, узведзены гэты храм. Каб зла не было ні на сваёй, ні на чужой зямлі”.
Сапраўднай аздобай Мінска з’яўляецца Цэнтральны батанічны сад , які размешчаны пасярод гарадскіх джунгляў. Ён быў адкрыты ў 1932 годзе пры НАН Беларусі. Гэта адзін з самых вялікіх батанічных садоў Еўропы. Яго плошча – 92 гектары. У калекцыі сада больш за 15 тысяч найменняў раслін. Асаблівую цікавасць выклікае аранжарэя з 600 відамі трапічных раслін, а таксама адзіны ў Беларусі ліманарый, дзе прадстаўлена 60 сартоў лімонаў, 15 сартоў апельсінаў, 10 сартоў грэйпфрутаў.
Навучэнцы атрымалі сапраўдную асалоду ад наведвання цікавых мясцін нашай сталіцы. Яны з захапленнем і ўзрушанасцю дзяліліся ўражаннямі і станоўчымі эмоцыямі.
Аксана Валянцінаўна Двужыльная, класны кіраўнік 6 “Б” класа