Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

13.03.2023
Мерапрыемствы Тыдня беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 11 г.Магілёва заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і Тыдзень, які прайшоў з 20 па 25 лютага 2023 года.

Агульны  цёплы, душэўны настрой надаў усяму Тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам: “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. АкцыяРазмаўляй са мной па-беларуску” аб’яднала ўсю школу: настаўнікі і вучні школы  атрымлівалі пажаданні, арыгінальныя і цікавыя,  пры ўваходзе ў школу. А яшчэ нельга было прайсці міма фотазоны “Інстаграм па-беларуску”, якая працавала на працягу ўсяго Тыдня, як і  выставы “Пісьменнікам-юбілярам прысвячаецца…” ў бібліятэцы,  стэнда “Квітней, Беларусь, размешчанага ў  фае школы.

           На працягу тыдня роднай мовы і літаратуры адбылося шмат мерапрыемстваў, якія спрыялі пашырэнню  ведаў кожнага  пра родную мову, гісторыю і культуру беларускага народа: квэст-гульня “Таямніцы роднай мовы”, конкурс чытальнікаў “Гучы, беларускае слова!”, інтэрактыўныя гульні “Кнігі-юбіляры”, “Пісьменнікі-юбіляры”. Вучні школы ўдзельнічалі ў конкурсе сачыненняў “За што я люблю родную зямлю”, у якіх расказалі пра сваю любоў да Беларусі, роднай мовы – самыя прыгожыя словы яны прысвяцілі ёй у сваіх работах.

Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы 21 лютага з’яўляецца традыцыйным мерапрыемствам для нашай школы, вельмі важным святам для дзяцей і педагогаў.  Перад пачаткам заняткаў у фае школы вучні з прыгожымі прывітальнымі  словамі звярталіся да ўсіх, хто заходзіў ва ўстанову. КВЗ “У любімай мове роднай, наскай, ах, якія словы…“,  урачыстае мерапрыемства “Гімн роднай мове”, конкурс чытальнікаў “Гучы, беларускае слова!” і  прыказкі і прымаўкі, загадкі і песні – гэтыя мерапрыемствы паспрыялі таму, што з  вуснаў педагогаў і вучняў школы ў гэты дзень гучалі толькі родныя словы.

Дэвізам трэцяга дня стаў слоган “Роднаму слову – прызнанне ў каханні”. Аказалася, што не так проста адкрываюцца “Скарбонкі мудрасці”, якія былі прадстаўлены ў выглядзе рэбусаў з назвамі гарадоў і птушак. У гэты дзень стартаваў і анлайн-чэлендж “Радзіма ў маім сэрцы”, у якім прынялі ўдзел тыя, хто ўмее не толькі бачыць прыгажосць, але і зафіксаваць гэтыя імгненні на фота.

Колькі досціпу, жартаў, самабытнасці беларусаў было на гульні “Скарбонкі мудрасці”, якая была наладжана для вучняў 5-х класаў! Урачыстае мерапрыемства пад назвай “Гімн роднай мове” таксама не пакінула абыякавымі ні вучняў, ні настаўнікаў школы. У рамках мерапрыемства адбыўся конкурс чытальнікаў беларускіх вершаў і празаічных твораў, у якім прынялі ўдзел вучні, якія любяць выразна чытаць і ўмеюць гэта рабіць. Госці свята мелі магчымасць паслухаць шэдэўры беларускай літаратуры, а ўдзельнікі – пазмагацца за месца пераможцы. Было створана  кампетэнтнае журы з педагогаў школы, якое ўзнагародзіла  самых шчырых,  самых  артыстычных  удзельнікаў.

Чацвёрты дзень “Мова родная – мова модная” дадаў новых фарбаў Тыдню. Акцыя “Далучы сваю далонь” паказала шчырасць і неабыякавасць да лёсу мовы і Радзімы нашых падлеткаў. Пажаданні росквіту і дабрабыту, незалежнасці, радасці, святла, міру – у большасці тых пажаданняў, што напісалі нашы вучні на далоньках. Стартаваў конкурс “Паэзіі радок чароўны”, у якім прынялі ўдзел вучні, якія пажадалі паспрабаваць свае сілы ў якасці паэтаў, прадставіўшы на конкурс уласныя работы на вольную тэму. Квэст-гульня “Таямніцы роднай мовы” адбылася для вучняў 7 класаў, дэвізам якой былі абраны радкі “Мова – вялікі скарб народа”, прыцягвала, абуджала цікавасць, жаданне  набыць веды па мове, літаратуры , гісторыі і выклікала дух спаборніцтва, уменні працаваць ў камандзе.

      Пятніца прайшла пад дэвізам “Дызайн па-беларуску”. Пачалася яна з двух конкурсаў “І тчэ, забыўшыся, рука…”(конкурс вышываных сурвэтак з сімваламі Беларусі) і “Вокладка любімага твора”. Вочы разбягаліся, сэрца радавалася, гледзячы на такія арыгінальныя вокладкі і такія вытанчаныя сімвалы дабрабыту, сонца… Колькі таленавітых дзяцей і неабыякавых бацькоў ёсць у нашай школе!

       Шосты дзень прайшоў пад дэвізам “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” і завяршыўся інтэрактыўнай гульнёй “Гонкі за ведамі”. Цікава было і дзецям,  і дарослым адгадваць, што гэта такое ядуць і з чаго гатуюць ежу беларусы, што яны апранаюць. А калі на выхадзе яшчэ і вынеслі пару арыгінальных беларускіх слоў, данеслі іх дадому, расказалі бацькам, то, напэўна запомнілі, што мы – БЕЛАРУСЫ. Што мы – самабытны,  таленавіты народ.

І Вы, калі ласка, зрабіце адкрыццё, якое зрабіў нам, беларусам, Уладзімір Караткевіч: “ На Беларусі Бог жыве. І давеку няхай жыве!” І ў нас ёсць усё, каб шчаслівымі быць!

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Аксана Валянцінаўна Двужыльная